СТШЫ́ЖАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, помнікі якой выяўлены ва ўсх. частцы Люблінскага ваяв. (Польшча) і ПнЗ Валыні (Украіна); адна са шнуравой керамікі культур. Датуецца 1800—1500 да н.э. Вылучыў у 1959 А.​Гардаўскі, назва ад паселішча каля в. Стшыжаў Люблінскага ваяв. Асн. занятак насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. Паселішчы размяшчаліся на мысах ці берагавых схілах рэк, узвышшах сярод балот. Жытлы — авальныя паўзямлянкі з уступамі-ляжанкамі ўздоўж сцен, пл. каля 10 м². Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых і падкурганных ямах. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным становішчы. Знойдзены посуд (амфары, гаршкі, міскі, кубкі), крамянёвыя прылады працы і паляўнічая зброя (сякеры, сярпы, наканечнікі коп’яў), каменныя зерняцёркі, шліфаваныя пліткі і свідраваныя сякеры; бронзавыя сякеры, падвескі, бранзалеты, скроневыя кольцы, завушніцы, дыядэмы, пранізкі: касцяныя праколкі, шпількі, іголкі і інш. Даследчыкі адзначаюць падабенства паміж помнікамі С.к. і шнуравой керамікі Палесся культуры.

т. 15, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)